Кніга аб'ядноўвае людзей і краіны

18 лютага ў выставачным цэнтры «БелЭкспа» (пр-т Пераможцаў, 14) адкрылася XXVІII Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш пад дэвізам: "Кніга аб'ядноўвае людзей і краіны".

У выставе прымаюць удзел 281 экспанент з 20 краін свету - Аўстрыі, Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Венесуэлы, Германіі, Ірана, Казахстана, Кітая, Кыргызстана, Малдовы, Пакістана, Палестыны, Расіі, Сірыі, Таджыкістана, Туркменістана, Турцыі, Узбекістана, Украіны.

          У бягучым годзе адзначаецца 30-годдзе стварэння СНД, што паслужыла падставай для аб'яўлення цэнтральным экспанентам выставы - Садружнасць Незалежных Дзяржаў. Галоўная экспазіцыя выставы сімвалічна аформлена
ў стылі адзінага агульнага дома, які, натуральна, складаецца з пакояў. Гасцёўня - цэнтральная пляцоўка СНД, на якой наведвальнікі выставы пазнаёмяцца з кнігамі - ўладальнікамі Гран-пры міжнароднага конкурсу "Мастацтва кнігі" дзяржаў СНД за ўсе 17 гадоў правядзення. За гэты час беларускія кнігавыдаўцы сталі ўладальнікамі 164 дыпломаў у розных намінацыях, з іх 10 дыпломаў Гран-пры, у гэтай намінацыі Беларусь з'яўляецца лідэрам.

Арганізатарамі выставы выступілі Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь і Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт, суарганізатарамі - Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і ГА "Саюз пісьменнікаў Беларусі".